понедельник, 16 января 2012 г.

postheadericon У назвах рэк, мястэчак, курганоў гучыць душа маёй радзімы



Сёння мы яшчэ за ўніверсітэцкай партай, а заўтра нам ужо ўручаць атэстат аб заканчэнні яго. З ім атрымліваем пуцёўку ў самастойнае жыццё. Але куды б ні закінуў нас лёс, кожнаму хочацца вярнуцца ў родныя мясціны, туды, дзе чалавек нарадзіўся і вырас.

У кожнага з нас ёсць на зямлі месца, куды мы заўжды вяртаемся з трапяткімі пачуццямі, – месца, дзе ты гадаваўся, дзе жывуць ці пахаваны твае бацькі, дзе твае землякі працягваюць даглядаць такую родную і блізкую асабіста табе вёску. Яна выпеставала і адправіла ў вялікі свет тых, хто будзе праз усё жыццё несці памяць аб сабе.


І вось мы ўспамінаем бацькоўскую хату ў вёсачцы на беразе ракі ці возера, шматпавярховы дом у горадзе, які знайшоў прытулак у маляўнічай мясцовасці, родных маці і бацьку, суседзяў, сяброў… Усё гэта любыя сэрцу мясціны, бо тут прайшло наша маленства, а можа і не толькі.

Родныя мясціны – гэта наша маленькая радзіма, своеасаблівая стартавая пляцоўка ў вялікае самастойнае жыццё. Так складваецца, што ў кожнага чалавека дзве радзімы – малая і вялікая. Яны вельмі блізкія і дарагія, ад малой радзімы, роднай хаты, да вялікай, якая завецца мілым словам – Беларусь. Малая радзіма (а для мяне гэта Тураўшчына) – часцінка любай Бацькаўшчыны. Таму адразу ўспамінаюцца словы вядомых беларусаў: “Дзе прайшло маленства, там і пачынаецца радзіма”.

Бацькоўскі дом… У ім мы ўпершыню ўбачылі свет, навучыліся хадзіць, выйшлі ў вялікае жыццё. Да яго мы вяртаемся ў самы спрыяльны час. І хочацца аддаць пашану бацькам, сказаць ім шчырыя словы падзякі. Пасля наведвання родных мясцін адбываецца своеасаблівае ачышчэнне душы, і чалавек адчувае ў сабе прыліў новых сіл. Нават у выпадку, калі лёс закінуў на чужыну, за тысячы кіламетраў ад сваёй малой радзімы, на схіле свайго жыцця хочацца наведаць яе, абняць позіркам гэты куточак, выпіць глыток вады з бацькоўскага калодзежа, прытуліцца да сцен роднай хаты

 Я лічу, каб мацней любіць радзіму, трэба больш ведаць пра свой край, пра яго працавітых людзей. Для мяне менавіта гісторыя – тое, што і з’яўляецца падмуркам гэтай памяці. А ў Тураўшчыны яна, як ні ў кога вялікая.

Паходні, мячы ды шаломы

Убачыш, ледзь вочы прыжмур.

І першы таксама вядомы

Буй-князь летапісны - князь Тур.

Тураў пачынае сваю гісторыю з 980 года як адзін са старэйшых усходнеславянскіх гарадоў вядомых па летапісах. Ён займае значную тэрыторыю Прыпяцкага Палесся, якое насяляла плямя дрыгавічоў. У самым першым пісьмовым упамінанні гаворыцца пра князя Тура, які разам з Рагвалодам прыйшоў "з-за мора". Хутчэй за ўсё назву Турава правільней звязваць з шырока распаўсюджаным імем або прозвішчам мясцовага князя. Але так лічаць гісторыкі.

Аднак, наконт узнікнення назвы горада існуе тры версіі. Калі пачынаць з самай знакамітай, то яна ўжо апісана крыху вышэй (мяркуецца, што ў Х стагоддзі горад заснаваў, невядомы да гэтуль, князь Тур, ад яго імя і бярэ пачатак назва горада). Наступная, па ступені распаўсюджання, версія такая: у час заснавання горада, каля яго працякала невялічкая рака Тураўлянка. Таму менавіта яе назва і была ўзята як вытворная. Апошняя з легендарных гісторый існаванне на тэрыторыі княства рэліктавай жывёлы – тур (старажытны бык), якая яшчэ не згінула да часу заснавання горада. Ёсць і іншыя версіі, але яны зусім прымітыўныя.
Больш дакладна з гісторыі вядома, што ў канцы Х ст. узмацнілася ўлада вялікага князя кіеўскага. У 988 г. Тураўскае княства дасталося трэцяму сыну Уладзіміра - Святаполку. Ён і стаў першым гістарычна вядомым сапраўдным тураўскім князем. У гэты час Тураў быў палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Тураўскага княства. У 1005 г. было ўтворана Тураўскае епіскапства, якому падпарадкоўваліся многія старажытныя сяленні, у ліку якіх - Тураў, Пінск, Мазыр, Давыд-Гарадок і інш. На тэрыторыі княства існаваў мужчынскі Барысаглебскі манастыр. У Тураве знойдзены адзін з найстаражытнейшых на Русі помнікаў пісьменства (частка Евангелля ХІ ст). Выдатнай з'явай у тагачасным культурным жыцці была творчасць и праца славутага Кірылы Тураўскага. Раскопкі археолагаў пацвердзілі збудаванне ў ХІІ ст. мураванага храма ў Тураве. Лічыцца, што гэта падстава для існавання самастойнай архітэктурнай школы.

У ХІ-ХІІІ стст. горад меў складаную і магутную лінію ўмацаванняў. Яна існавала да 30-х гг. ХІХ ст. і затым была разабрана. З ХІV ст. Тураў увайшоў у Вялікае княства Літоўскае. З гэтага часу абрываецца старажытная дынастыя тураўскіх князёў. З XV ст. Тураў быў у складзе розных утварэнняў. У XVIII ст. горад неаднаразова падвяргаўся захопам, яго насельніцтва зменшылася ў чатыры разы і дасягнула ранейшага ўзроўню толькі праз стагоддзе. З канца XVIII ст. ён быў у складзе Расійскай імперыі. На той час у горадзе было каля пяцісот дамоў, некалькі драўляных цэркваў і сінагога. Праз мястэчка праходзіў гандлёвы тракт з Мазыра ў Пінск. Апрача земляробства жыхары займаліся сплавам лесу па Прыпяці, ганчарным промыслам, вырабам цэглы і г. д.

У 1927 г. адкрыты краязнаўчы музей, які быў разбураны ў Вялікую Айчынную вайну і адноўлены ў 1950 г. З 1941 г. да 1944 г. Тураў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Памяць аб загінуўшых падчас вайны ўшаноўвае абеліск, пастаўлены ў 1972 г., і брацкія магілы савецкіх воінаў.

    З 1962 г. Тураў - гарадскі пасёлак у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці, прыстань на рэчцы Прыпяць. У Тураве дзейнічаюць разнастайныя прамысловыя комплексы, разнастайныя адукацыйныя інстытуты, цэнтры паслуг несельніцтву і інш. У 1993 г. устаноўлены помнік Кірылу Тураўскаму, Канстанціну Астрожскаму, помнік архітэктуры - Усясвяцкая царква (1810 г.), у паўночна-заходняй частцы - археалагічны помнік - замчышча старажытнага горада. У 1980 г.  Тураў святкаваў сваю 1000-гадовую гісторыю, але ўжо у статусе простага паселішча.

У 2004 г. было прынята рашэнне аб наданні гарадскому пасёлку Тураў статуса горада і стварэнні на яго базе культурна-турыстычнага цэнтра. 4-5 верасня 2004 г. у Тураве прайшоў Дзень беларускага пісьменства. Зараз на тэрыторыі горада амаль пабудаваны праваслаўны храм, а таксама будуецца новы сыра-малочны камбінат. І ўсё ж такі пры ўсім гэтым росце прамысловасці гэты куток не страціў сваёй прыроднай і культурнай самабытнасці. Верыцца, што хутка Беларусь будзе ганарыцца тым, што на гэтай зямлі захаваўся некрануты аазіс прыроды, дзе так шчасліва спалучыліся і прыгажосць ландшафтаў, і багаты раслінны і жывёльны свет, і гісторыя.

Мой любы куток мае багатую мінуўшчыну і непаўторную прыгажосць, а таксама, спадзяюся, што не абніне яго і яшчэ больш знакамітая будучыня. Той, хто хоць раз наведваў гэты край, назаўжды запомніў маляўнічыя лугі, спакойныя рэкі і рачулкі, утульныя населеныя пункты. А галоўнае – усіх падкупляе працавітасць і непахіснасць нашых людзей. А яны сапраўды заслугоўваюць на пашану.

Гэта бадай і ёсць сапраўдны гонар за сябе, сваіх суайчынікаў і нашу непаўторную і багатую гісторыю.

1 коммент.:

Liho комментирует...

Дзякуй за гэты пост. Сам я нарадзіўся ў Расеі, але ж Радзімай лічу Беларусь. Тут я правёў усё жыццё і тут яго скончу. Раней былі думкі аб тым, каб з'ехаць за мяжу, але, але, але... Хай жыве Беларусь, хай жывуць нашы гарады і вёскі!

Пра мяне

Моя фотография
Юра
Запясочча, Гомельская, Belarus
Просмотреть профиль

Мой спіс блогаў

Чытачы

Наведвальнікі

Технологии Blogger.